Змагарныя дарогi (на белорусском языке) - К Акула
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Бульбу-ж, калi дзе па-суседзку была, шматлiкiя баялiся капаць, бо хто ведае, што немцам магло прыйсьцi ў галаву. Той паёк, званы па-нямецку Verpflegung, быў тут-жа ўдачна й скора перайменаваны на блiзкае па сугуках, але зусiм рознае паводле значэньня нямецкае слова verfluchte (пракляты). Пасьля паўдня, калi прыходзiў загад двум чалавекам з кожнага зьвяза браць коц i йсьцi да харчавога падафiцэра па паёк-"фэрпфлегунг", то навокал было чуваць: "Гэй, давайце па "фарфлюктар"! Хутчэй "фарфлюктар" iдзiце браць". Пакуль хто пайшоў па харчы, то слоўца "фарфлюктар" было паўторанае зь вялiкiм смакам i нацiскам на розныя лады й рознымi галасамi дзясяткi разоў. Гэным паўтараньнем кадэты зусiм нядвухсэнсоўна давалi знаць, што яны думаюць адносна нямецкага харчовага пайка. Немцы-ж тое выразна чулi, й некаторыя навет усьмiхалiся.
На шосты дзень побыту ў Плоцку прыйшоў загад накiравацца ў ваколiцы Цеханава. Цягнiк вечарам пакiнуў станцыю й на наступны дзень прыехаў у Цеханаў. Яшчэ ноч пераспалi людзi ў вагонах. Вымаршыраваўшы ранiцою, пасьля трохгадзiннае хады, школа затрымалася ў маёнтку Даменты. Тут быў пакiнуты першы зьвяз разам з усiмi функцыйна-гаспадарчымi службамi й канюхамi, а другi й трэцi зьвязы пайшлi ў суседнюю вёску. У iх лiку пайшоў Кастусь Дзежка, а два ягоныя сябры засталiся ў Даментах.
Наступная нядзеля ўдалася надзвычайна пагоднай. Было-б зусiм весела, калi-б не сьпякота. Першы зьвяз выйшаў на сьвежа-зжатае поле састаўляць жытнiя снапы. Гэткая праца была для юнакоў новасьцю ў войску, дык i ня дзiва, што сярод кадэтаў чулася такая гутарка:
- Ну, браток, цяпер мы ўжо сабе й на хлеб заробiм, - пачаў нехта.
- Ты думаеш, што нам таўстапузы немец падвоiць за гэта порцыю "фарфлюктару"? - засьмяяўся iншы.
- Э, цi аб гэтым тут iдзе. Якi ты цямняк, нiчога ня кемiш. Мы-ж трымаем другую лiнiю фронту, так сказаць, забясьпечваем тых, што змагаюцца, хлебам.
- Тут ты, брат, як пальцам у неба папаў.
Некалькi галасоў засьмяялася.
- От, абы неяк вайну пражыць, i з нас будзе даволi, - пазяхнуў iншы.
- Я-б то так i да канца вайны згадзiўся езьдзiць ды навет i парабкам служыць, абы...
- Чакай, цябе яшчэ завязуць, пабачыш!
- Дык ты i парабкам навет служыў-бы? Вось дык дагаварыўся!
- I гэта гаворыць адна з кветак беларускае моладзi - надзея нашай паняволенай Бацькаўшчыны!
- Ты там ужо з кветкамi вылазiш? - агрызнуўся той, што хацеў быць парабкам. - Гэрой знайшоўся гэткi!
- Як-бы там нi было, а за "фарфлюктар" адрабiць мусiш.
Немiласэрна пякло лiпеньскае сонца. Юнакi пацелi ў таўстой суконнай чорнай вопратцы.
- Калi мы ўжо ськiнем гэтыя палiцыйныя шматы? - прыгадаў адзiн. - Хаця-б во скарэй што зялёнае далi.
- Ськiдай цяпер, чаго-ж чакаеш.
Апошнi ськiнуў тоўсты мундзiр i шпурнуў на ржышча. Гледзячы на яго, тое самае зрабiла цэлая група. Сымон з Вiктарам кiнулiся ў хiтрыкi. Саставiўшы па пару копак, яны залезлi ў цень ды, аблажыўшыся навокал снапамi, праспалi ледзь не да абеду. Нямецкi "цугвахмайстар" (зьвязовы Турн сядзеў у канаве пры дарозе й ня надта сачыў за тым, дзе хто робiць. Хтосьцi хапiў соннага Сымона за нагу, што тырчэла з-пад бабкi.
- Гэй, гляньце, хлопцы, хто ў бабках схаваўсяi - крычаў ён з уцехаю. Бабка ўся пахiснулася й на момант упала.
- Перастань ты! - усхапiўся сонны Сымон. - Што за дурныя жарты, ледзь нагу не выкруцiў!
Навокал дружна зарагаталi.
- Сымон, мусiць, даўно на "фарфлюктар" зарабiў.
- Няма надта на каго рабiць. Мы прыйшлi ваяваць а ня нейкiя снапы састаўляць, - апраўдваўся Сымон.
- Чакай, яшчэ наваюешся.
Апаўднi павольным крокам зьвяз iшоў дадому польнай дарогаю. Турн трымаўся ззаду калёны. Па абодвух баках дарогi стаяла буйнае, спелае, нязжатае жыта. Некаторыя цяжкiя каласы навiсалi, пахiлiўшыся, над дарогаю. Адзiн з кадэтаў, выцягнуўшы руку, скубануў пару поўных жытнiх каласоў. Ён цярушыў iх у руцэ й рассыпаў зерне па дарозе Гэтак часта, бывае падсьведама, па прывычцы, робiць дбайлiвы гаспадар-селянiн, каб прыгледзецца й палюбавацца сьпелым зярняткам жыта. Турн гэта заўважыў.
- Наlt!* - гаркнуў ён.
* Стой! (ням.)
- Rechts um!* - скамандаваў.
* Направа! (ням.)
Усё павярнулася направа i ўпiлося зьдзiўленымi вачмi ў немца. Той падбег да рэкрута, што трымаў яшчэ ў руцэ колькi зярнят. Быў злосны й зачырванелы, як бурак.
- Што ты робiш, чалавеча?! - пачаў раўцi на зьбянтэжанага юнака. - Ты iдзеш па дарозе, рвеш каласкi й рассыпаеш зярняткi. А цi ведаеш ты, што нямецкi жаўнер на фронце галадуе? Ты свiньня! Цябе, мусiць, наўчыць трэба!
Ён хапiў хлапца за руку й павярнуў фронтам да калёны.
- Глядзеце ўсе! Глядзеце ўважна! Гэты чалавек нiшчыць нямецкае дабро, нiшчыць хлеб!
Дзьве постацi перад фронтам калёны выглядалi надта камiчна: адзiн у сваёй раптоўнай злосьцi, другi - у зьбянтэжанасьцi. Юнакi пазiралi то на немца, то на свайго сябру, што, растапырыўшы пальцы, трымаў на даланi пару зярнятак жыта. Ня ведалi, цi з таго сьмяяцца, дзiвiцца, цi ўспрымаць наагул паважна. Цi-ж Турн думаў гэнымi двума каласкамi накармiць галодных немцаў на фронце, цi гэта проста быў iзноў-жа зьдзек над чалавекам, што, пэўна-ж, ня думаючы зусiм над тым, яшчэ па дамашняй сялянскай прывычцы, пацiкавiўся сьпелымi каласкамi?
- Еs ist kein Russland hier!* - зьвярэў Турн. - Памятайце, тут Нямеччына! Гавару вам гэта апошнi раз!
* Тут вам не Расея! (ням.)
Iзноў тое-ж Шнайдарава "кайн Руслянд", што выклiкала лiшнюю дозу нянавiсьцi да гiтлераўцаў, адлюстравалася, замацавалася ў думках кожнага з гэных юнакоў-рэкрутаў.
Увечары таго дня Сымон Спарыш трымаў варту. Вечар быў лагодны, пагодны й цiхi. Нямецкiя падафiцэры з афiцэрскае школы й суседнiх ротаў пазьбiралiся ў садзе й п'янствавалi ды гарлапанiлi да позных гадзiнаў. Шмат хто навет "езьдзiў у Рыгу", як прынялося казаць мiж жаўнераў. Адзiн нямецкi зьвязовы падышоў да вартавога й доўгi час гутарыў зь iм. Калi Сымон спытаўся, цi весела яму, той адказаў, што не, хаця й напiўся. Жалiўся, што па дарозе праз Торунь ягоны афiцэр не дазволiў яму адлучыцца наведаць сям'ю, што там жыла. Немец лаяў вайну, афiцэраў i шмат яшчэ чаго, хаця не быў надта п'яным. Ад яго-ж Сымон даведаўся, што ў наступную сераду, за тры днi значыцца, афiцэрская школа мела накiравацца ў паўночна-ўсходнiм кiрунку i далучыцца да нейкага палка беларускае палiцыi.
КАПIТАН МIКУЛА I ЎТВАРЭНЬНЕ ТРЫЦЦАТАЕ ДЫВIЗII
I
Вiталi Мiкула нарадзiўся ў 1913 годзе ў сям'i малазямельнага селянiна каля Нясьвiжа. Ягоная вайсковая кар'ера пачалася рана таму, што меў старэйшага брата ў польскiм войску, якi захацеў яго "вывесьцi ў людзi". Сам старэйшы брат Вiталяга, будучы паклiканым у польскае войска ды выказаўшы добрыя здольнасьцi, быў пасланы на падафiцэрскую школу, якую скончыў з добрымi вынiкамi. Па нейкiм часе здаў iспыты ў афiцэрскую школу для падафiцэраў. Вучыўся там чатыры гады, у вынiку чаго быў авансаваны на падпаручнiка.
(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});