Змагарныя дарогi (на белорусском языке) - К Акула
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Загадкавай была адсутнасьць камандуючага БКА маёра Кушаля, якi ў час склiканьня афiцэраў у Эльбiнг быў цi то ў Лодзi, куды заехаў пасьля Плоцку, цi ўжо навет вярнуўся назад у Кэнiгсбэрг. Як пазьней выявiлася, маёр Кушаль аб канфэрэнцыi быў наагул непавядомлены, хоць шэф штабу БКА капiтан Мiкула ў час атрымаў паведамленьне ды, на вялiкi жаль, ня мог скантактавацца з Кушалем. Гэткiм чынам капiтан Вiталi Мiкула, апынуўшыся на канфэрэнцыi ў Эльбiнгу, мусiў дзеяць на сваю руку, без папярэдняга паразуменьня са сваiм начальнiкам. Магчыма, што навет i нельга было мець нейкага папярэдняга паразуменьня цi плянаў, бо-ж сама канфэрэнцыя была неспадзяванай, тэмы нарадаў - няведамыя. Усё-ж можна было-б збольшага прадугледзець, што на парадку дня будзе лёс беларускiх збройных адзiнак, iхняя будучыня, арганiзаваньне iх у нешта большае. Можна тады загадзя было-б устанавiць беларускiя пазыцыi, палiтыку й тактыку.
Магчыма, што Генэрал-Камiсар Беларусi фон Готбэрг, якi склiкаў тую канфэрэнцыю й якому да гэтага часу падлягалi ўсе вайсковыя ненямецкiя адзiнкi з былога Генэралкамiсарыяту Беларусi ды якi, пэўна-ж, i дэлегаваў маёра Зiглiнга ў Бэрлiн для нарады зь вярхоўнымi ўладамi, ня меў намеру памiнуць цэлага штабу Беларускае Краёвае Абароны. Магчыма, што ў свой час i нейкай дарогаю быў высланы загад у Беларускую Цэнтральную Раду, каб дала дыспазыцыi ўсiм афiцэрам БКА быць там i там ды тады й тады. Магчыма, што той загад дзесьцi й кiмсьцi быў загублены. Па-першае, Астроўскi з ад'ютантамi сядзеў у Лодзi, працаўнiкi-ж БЦР былi ў Кэнiгсбэргу, а сам камандуючы БКА, маёр Кушаль, як мы ўжо раней успамiналi, езьдзiў па Мазуршчыне й па Ўсходняй Прусii, шукаючы згубленых па дарозе зь Менску розных беларускiх адзьдзелаў i афiцэрскае школы БКА. Перш за ўсё трэба помнiць, што быў хаос, дык i шмат рэчаў было магчымых i немагчымых. Магчыма, што й тое-сёе сталася не бязь ведама расейцаў, што былi абселi пасады каля людзей, якiя тварылi трыццатую дывiзiю. Магчыма...
Перастанем губляцца ў здагадках, адно запамятаем, што са штабу Беларускае Краёвае Абароны на канфэрэнцыi ў Эльбiнгу быў сам капiтан Мiкула. Беларускiя афiцэры тварылi найменшую групку лiчэбна, найнiжэйшую рангамi i з найменшай колькасьцю людзей нацыянальна сьведамых i патрыётаў. Расейцы трымалi ў сваiх руках цi ня ўсе козыры: памiнаючы немцаў, яны былi шматколькасныя лiчэбна, мелi нямала высокiх чыноў - пару палкоўнiкаў i шмат маёраў. Па-iхняму-ж думалi, пэўна, i многiя ўкраiнцы-русафiлы. Iхныя людзi, у першую чаргу маёр Мураўёў, былi сябрамi Зiглiнга.
V
Ужо сьвiтала, калi ў вялiкай залi прыгараднай вiлы ў Эльбiнгу зьявiўся Зiглiнг. Ён толькi што прыляцеў самалётам з Бэрлiну й адразу пасьпяшыў на месца канфэрэнцыi. Магчыма, ня ведаў навет, што чакаюць яго добрых пяць гадзiн, бо крышку дзiвiўся, што ўсе выглядалi надта соннымi, а некаторыя дык проста й не саромелiся пазяхаць.
У дзьвярах сустрэў яго Мураўёў, якi павiншаваў з новым авансам на падпалкоўнiка. Давялося патрэсьцi колькi добразычлiвых рук. Справа была пiльная, а Зiглiнг - чалавек свае справы, дык i не трацiлася шмат часу на выказваньне розных ветлiвасьцяў. За сталом з аднаго боку новага падпалкоўнiка (дзеля скароту будзем называць яго палкоўнiкам) прымасьцiўся ад'ютант-капiтан немец, з другога-ж - Мураўёў. Далей было колькi расейцаў наперамешку зь немцамi. На залi асноўныя нацыянальныя групы захавалiся ў цэласьцях - немцы, як найбольш лiчбоўныя й гаспадары, ня зьбiвалiся ў кучу, затое асобна трымалiся расейцы, таксама як беларусы i ўкраiнцы.
Зiглiнг гаварыў паволi й выразна. Капiтан-расеец перакладаў сказанае на расейскую мову. Каротка гаворачы, справа выглядала наступна: нямецкае камандаваньне ўважае, што для чужых збройных адзьдзелаў, эвакуаваных з усходу, ёсьць два выйсьця - або быць зарганiзаванымi ў адну вайсковую адзiнку й працягваць змаганьне супраць ворагаў Нямеччыны, або быць завербаванымi на працу пры пабудовах прыфрантавых умацаваньняў i ў нямецкай прамысловасьцi. Нямецкае камандаваньне лiчыць, што першы выхад быў-бы карысьнейшы для абодвух бакоў, але - i тут быў нясьмелы намёк, што быццам выбар залежаў ад гэтак званых хаўрусьнiкаў з усходу, - усё залежыць ад зацiкаўленых людзей. Калi захочуць iсьцi працаваць, а не ваяваць, дык i тое будзе надта добра.
- Вы як афiцэры ведаеце, як вашы людзi думаюць. Адкажыце мне тады зараз на пытаньне: што яны хочуць - цi быць у войску i ваяваць побач немцаў аж да перамогi, цi працаваць?
У залi зашумела. Паветра было цяжкое. Густы табачны дым еў сонныя вочы.
- Конечно, воевать будем! - пачуўся першы голас.
- Застаёмся ў армii!
- Мы е солдаты, а не робiтнiкi!
- Все согласны с этим? - дапамог Зiглiнгу Мураўёў.
- Да, конечно.
- Усе.
- Так, давайце далей.
Пасьля аднагалоснага вырашэньня першага й самага асноўнага, як здавалася, пытаньня пачалася гутарка над тым, якой па сваiм характары мае быць новая вайсковая частка. Што па прызначэньнi гэта будзе пяхотная дывiзiя - лiшнiм было гаварыць. Iшла гаворка адно пра назву, нацыянальны твар. Тут немцы былi нямiла зьдзiўленыя, калi давялося прыслухоўвацца да розных думак, што былi ў канфлiкце мiж сабою. Расейцы, якiх было найбольш сярод афiцэраў, настойвалi, што дывiзiя павiнна быць па нацыянальным характары расейская: некаторыя ўкраiнцы (надта-ж неяк неадважна й нявыразна) даводзiлi, што для ўкраiнцаў было-б крыўдна, бо як-нiяк iх было-ж шмат. Палякi былi ў асноўным у лiку "фольксдойчаў", значыцца, выступалi разам зь немцамi. Нiводзiн паляк не асьмелiўся выступiць пад шыльдаю сваёй нацыянальнасьцi. А беларусы...
Капiтан Мiкула, што да гэтага часу маўчаў i ўважна прыслухоўваўся, добра ацанiў сытуацыю, у якой ён, разам з групаю беларускiх афiцэраў, а шырэй гаворачы - тысячы беларускiх жаўнераў на Мазуршчыне й ва Ўсходняй Прусii, апынуўся. Пераважная бальшыня жаўнераў была беларусамi, адно афiцэраў было малавата. Але, пэўна-ж, у пачатках i iншыя афiцэры знайшлi-б месца ў дывiзii, пакуль сваiх набралася-б. Вунь-жа ёсьць афiцэрская школа. Адно абы дывiзiя была вызначана беларускай, а не расейскай цi якой iншай. БЦР i беларускiя вярхоўныя дзейнiкi мелi-б перад немцамi козыры ў руках. Дывiзiя была-б капiталам, якi можна было выкарыстаць палiтычна. Калi-ж такую нагоду пусьцiць люзам i не дамагацца свайго, дык гэта будзе непрабачальнай памылкай i адаб'ецца адмоўна на беларускай справе ў будучынi. Нельга-ж дазволiць, каб расейцы на беларускiм тавары капiтал сабе рабiлi. Капiтан Мiкула сумляваўся, што ўдасца чаго-небудзь дабiцца, але не было-ж iншага выйсьця. Як шэф штабу Беларускае Краёвае Абароны, перадусiм гарачы патрыёт, што на першае месца заўсёды ставiў дабро свайго народу, ён мусiць заступiцца за сваiх жаўнераў, дамагацца iхных правоў ды там-сям i паставiць пэўныя кропкi над "i", каб ведалi немцы i - мо ў найбольшай меры - расейцы.
(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});