Iталiйскае неба (на белорусском языке) - Франсуаза Саган
- Категория: Проза / Проза
- Название: Iталiйскае неба (на белорусском языке)
- Автор: Франсуаза Саган
- Возрастные ограничения: (18+) Внимание! Аудиокнига может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних просмотр данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕН! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту для удаления материала.
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Саган Франсуаза
Iталiйскае неба (на белорусском языке)
Франсуаза Саган
Iталiйскае неба
Пераклад: Л. Казыра
Вечарэла. Мiлесу здавалася, што неба памiрае. Толькi на фоне чорнага сiлуэта ўзгорка свяцiлася адна белая палоска.
Мiлес уздыхнуў, яго рука пацягнулася да бутэлькi з каньяком. Гэта быў цудоўны залацiсты французскi каньяк, ад якога адразу станавiлася цёпла. Усе iншыя напiткi Мiлесу здавалiся халоднымi, i ён нiколi iх не пiў. Гэты ж адзiны... Аднак гэта ўжо была чацвёртая цi пятая порцыя, i жонка запратэставала:
- Мiлес! Прашу цябе. Ты ўжо п'яны. Ты не ўтрымаеш ракетку. Мы ж запрасiлi Сiместраў на партыю, i яны будуць гуляць адны. Досыць ужо табе пiць.
Мiлес, трымаючы бутэльку, заплюшчыў вочы, у якiх неяк раптам з'явiлася стома.
- Мая дарагая Маргарэт, - пачаў ён, - калi ты дапусцiш...
I ён спынiўся. Вось ужо 10 гадоў, як ён гуляў у тэнiс, гаварыў "хэло", паляпваў сяброў па плячы, чытаў газету ў сваiм клубе - i яна нiколi не дапускала, што ён мог стамiцца.
- Вось i Сiместры, - сказала Маргарэт. - Трымайся! Прашу цябе! У такой паважанай сям'i, як наша...
Мiлес устаў i агледзеў Сiместраў. Ён - высокi, хударлявы, з румянкам на твары. Выгляд - каралеўскi. Чалавек абмежаваны. Яна - моцная мускулiстая жанчына. Нават жахлiва мускулiстая, - падумаў Мiлес. Маргарэт, дарэчы, таксама ў многiм падобная на яе: жыццё на вольным паветры, усмешка да вушэй, мужчынскi смех i добрыя старыя сябры. Мiлесу стала агiдна, i ён апусцiўся ў плеценае крэсла. У гэтым шатландскiм куточку чалавечнымi Мiлесу здавалiся мяккiя абрысы ўзгоркаў, цяпло каньяку i ён сам, Мiлес. Астатняе было - ён пашукаў абразлiвага слова, - астатняе было "арганiзаванае". Задаволены сваiм слоўнiкавым запасам, Мiлес глянуў на жонку i насуперак свайму жаданню пачаў:
- Калi я ўдзельнiчаў у французскай i iталiйскай кампанii...
Яго голас гучаў неяк ненармальна. Ён адчуў, што на яго глядзiць Сiместр, i адгадаў яго думку: "Стары бедачына Мiлес, з iм нешта не тое, яму трэба было б заняцца пола i кiнуць пiць абы-што". Гэта раззлавала Мiлеса, i ён зноў пачаў мацнейшым голасам:
- На поўднi Францыi i Iталii жанчыны не гуляюць у тэнiс. Яны стаяць каля сваiх дамоў i глядзяць на прахожых. Калi ў iх пытаюцца i памыляюцца, яны гавораць: "Пайшоў ты..."
"Пайшоў ты" Мiлес вымавiў неяк камiчна.
- Калi ж памылкi не адбылося, яны гавораць: "Заходзь".
Аднак слова "заходзь" Мiлес сказаў амаль шэптам i зусiм не камiчна. Сiместр хацеў быў спынiць Мiлеса, але стрымаўся. Абедзве жанчыны пачырванелi.
- Яны не займаюцца спортам, - гаварыў далей Мiлес нiбы сам сабе, - яны пяшчотныя i крыху мяккiя, як вераснёўскiя абрыкосы. У iх няма клубаў, затое ёсць мужчыны цi адзiн мужчына. Увесь свой вольны час яны бываюць на сонцы, i iх скура пахне сонцам. Голас у iх слабы. Яны нiколi не гавораць "хэло".
I меланхалiчна дадаў:
- Праўда, гэта ангельскае слова. Як бы там нi было з тымi паўднёвымi жанчынамi, якiх я ведаў, iх я люблю больш, чым праклятых зануд з iх клубамi, гольфам i эмансiпацыяй.
I ён налiў сабе каньяку. Настала няёмкая паўза. Сiместр дарэмна шукаў якой-небудзь смешнай фразы. Маргарэт пакрыўджана глядзела на мужа. Ён падняў вочы:
- Не трэба крыўдаваць, Маргарэт. У 1944-м я цябе не ведаў.
- Але ж ты не павiнен нам расказваць пра сваiх дзевак, Мiлес. Спадзяюся, што нашы сябры прабачаць...
Але Мiлес не слухаў яе. Ён устаў i, узяўшы бутэльку, пакiраваў у глыбiню парку. Далей ад тэнiса, галасоў, твараў. Ён трохi хiстаўся, аднак яму было прыемна. Яшчэ лепш стала, калi ён лёг i зямля закружылася пад iм, нiбы ваўчок. Велiзарны ваўчок, ад якога пахла сухiм сенам. Зямля ўсюды пахне аднолькава смачна. Мiлес прыплюшчыў вочы i ўдыхнуў далёкi знаёмы пах, пах горада i мора, што лашчыла гарадское прыбярэжжа, пах порта.
Дзе ж гэта было? У Неапалi цi ў Марселi? Разам з амерыканцамi Мiлес удзельнiчаў у абедзвюх ваенных кампанiях. Ён з страшэннай хуткасцю ехаў у джыпе, якiм кiраваў мурын. Раптам машыну моцна падкiнула, жудасны ляск металу аглушыў Мiлеса. Ён апынуўся ў полi, сярод жыта, i ледзьве дыхаў, зноў прывыкаючы да жыцця, баючыся, што яно пакiне яго назаўсёды. Рухацца ён не мог. Мiлес адчуў нейкi непрыемны i адначасова цiкавы пах - пах крывi. Над яго галавою паволi гайдалiся каласы, а ў вышынi - празрыста-блакiтнае iталiйскае неба. Ён паварушыў рукой i засланiўся ад сонца. Абмацваючы далоняю твар, ён спрабаваў успомнiць, што з iм здарылася. Потым зноў страцiў прытомнасць.
Сам iсцi ён не змог. Яго занеслi на хутар, якi спачатку здаўся яму вельмi няўтульным. Балелi ногi, i было страшна ад думкi, што ён не зможа хадзiць, гуляць, як калiсьцi, у тэнiс, гольф. Ён усё паўтараў хiрургу: "У нашым коледжы мне не было роўных у гольфе". Мiлесу было 22 гады. Яго загiпсавалi i ўладкавалi на гарышчы. Праз акенца можна было ўбачыць поле, спакойную раўнiну, неба. Страх не пакiдаў Мiлеса.
Iталiйкi, якiя даглядалi яго, маглi трошкi гаварыць па-ангельску. Толькi праз тыдзень Мiлес заўважыў, што ў малодшай жанчыны былi чорныя-чорныя вочы, што ў яе залацiстая скура i што яна была мажнаватая. Ёй было гадоў 30, можа, трохi менш. Муж яе ваяваў супраць амерыканцаў. Старая мацi плакала i рвала на галаве валасы, расказваючы, як яе сына сiлком забралi ў салдаты. Мiлесу было няёмка глядзець на яе. Яму здавалася, што перажываць так не варта. I, каб супакоiць старую, гаварыў, што ўсё не так страшна, сын хутка вернецца i ўвогуле яшчэ нiчога невядома. Маладзiца больш маўчала, часам усмiхалася, паказваючы белыя зубы. З дзяўчат, якiх ведаў Мiлес, яна была першая, каго амаль не цiкавiлi яго ўспамiны пра каледж. А мiж тым iх узаемаадносiны турбавалi i непакоiлi Мiлеса: гэтыя недагаворкi, гэтыя ўсмешкi, гэтыя позiркi спадцiшка. Аднак ён рабiў выгляд, што нiчога не заўважае.
Аднаго разу, гэта было на дзесяты дзень яго лячэння, яна сядзела побач i штосьцi вязала. Стаяў спякотлiвы дзень, яна час ад часу пыталася, цi хоча ён пiць. Мiлес не хацеў. Мучыў боль у нагах, i ён думаў, цi зможа зноў гуляць у тэнiс з Глэдзiс i iншымi. З нейкiм раздражненнем ён згадзiўся патрымаць маток. Яна, апусцiўшы вочы, хуценька звiвала нiткi ў клубок. У яе былi вельмi доўгiя вейкi. Мiлес заўважыў гэта перад тым, як зноў вярнуцца да сваiх змрочных думак: калека, што ён будзе рабiць у сваiм клубе?
- Дзякуй, - неяк асаблiва прамовiла яна.
Ён апусцiў рукi. Потым зноў падняў, перапрасiў, i яна ўсмiхнулася. Мiлес таксама ўсмiхнуўся i адвёў вочы. Глэдзiс скажа... Аднак яму не думалася пра Глэдзiс. Ён глядзеў, як памалу меншаў маток на яго руках. I прыйшла яму думка, што маток хутка скончыцца i яна больш не будзе сядзець, нахiлiўшыся над iм, у сваёй яркай крыклiвай блузцы. I неяк непрыкметна замаруджваў рух нiткi. Калi ж ад матка нiчога не засталося, ён затрымаў у руцэ канец нiткi. А сам, нiбы апраўдваючыся, падумаў: "Гэта жарт, усяго толькi маленькi жарт".
Жанчына зразумела, што ён трымае нiтку, i зiрнула ў вочы. Мiлес замiргаў, паспрабаваў неяк па-дзiвацку ўсмiхнуцца. Яна цiхенька, каб не патрывожыць хворага, прыбрала нiткi i апынулася насупраць яго. Мiлес заплюшчыў вочы. Яна пацалавала яго i, нiбы ў дзiцяцi, забрала нiтку. I Мiлес, ахоплены неспазнанай да гэтага ласкай i пяшчотай, выпусцiў нiтку. Ён расплюшчыў i адразу заплюшчыў вочы, бо яго асляпiла яркае сонечнае святло, што адбiвалася ад яе чырвонай блузкi. Жанчына падняла яго галаву, каб ён змог выпiць чырвонага сухога вiна з аплеценай бутэлькi.
Мiлес застаўся адзiн. Упершыню ён адчуў сябе шчаслiвым, i гэтая залiшне сонечная краiна стала яму блiзкая. Лежачы на баку, ён глядзеў на жыта, алiвы, што вiднелiся з акенца, i адчуваў вiльготнасць губ маладой iталiйкi. I здавалася яму, што ён спрадвеку жыў у гэтай краiне.
З гэтага часу маладзiца ўвесь дзень была каля яго. Старая больш на гарышча не прыходзiла. Ногi ў Мiлеса памалу папраўлялiся. Ён еў пахучы сыр з казiнага малака. Луiджыя падвесiла над ложкам аплеценую бутэльку з вiном, i яму заставалася толькi нахiлiць яе, каб струменьчык чырвонага сухога вiна асвяжыў горла. Сонца асвятляла гарышча. Цэлымi гадзiнамi Мiлес цалаваў Луiджыю, прыцiскаючыся да яе чырвонай блузкi, i... не думаў нi пра Глэдзiс, нi пра сяброў з клуба.
Аднойчы на машыне прыехаў хiрург, а разам з iм i новы парадак. Доктар зняў гiпс i, агледзеўшы ногi, папрасiў Мiлеса некалькi разоў ступiць. Пасля ён даў заключэнне, што Мiлес можа заўтра ж адпраўляцца на машыне да сваiх, не забыўшыся падзякаваць гэтай iталiйскай сям'i.
Нейкi час Мiлес заставаўся адзiн, думаючы, што трэба было б болей радавацца: ён здаровы i цяпер зможа гуляць у тэнiс або гольф, ездзiць на паляванне разам з сэрам Алiўе, танцаваць ангельскiя вальсы з Глэдзiс або з другой дзяўчынай, хадзiць па Лондане i Глазга. Мiж тым сонца над полем, пустая бутэлька над галавой - усё гэта выклiкала нейкую тугу. Што ж, прыйшоў час ад'язджаць. Ды i Луiджыiн муж хутка вернецца. Нiчога дрэннага ён не зрабiў. Хiба што пацалункi... I нечакана Мiлес падумаў, што сёння ўночы, - калi ўжо ён здаровы i вызвалiўся ад гэтага гiпсу, - сёння ўночы ён спазнае нешта iншае, чым Луiджыiны губы i пяшчотнасць.
Яна вярнулася на гарышча i зайшлася ад смеху, убачыўшы, як ён хiстка стаiць на нагах. Потым смех зацiх, i яна разглядала яго з нейкай дзiцячай трывогай. Мiлес, памарудзiўшы, сцвярджальна кiўнуў галавой: