Категории
Самые читаемые книги
ЧитаемОнлайн » Разная литература » Прочее » Паўночны вецер для спелых пладоў - Юры Станкевіч

Паўночны вецер для спелых пладоў - Юры Станкевіч

Читать онлайн Паўночны вецер для спелых пладоў - Юры Станкевіч

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 3 4 5 6 7 8 9 10 11 ... 17
Перейти на страницу:

Але студэнт Ігнат Мазур ужо не слухаў яе. Ля акна ён убачыў адзінокую постаць Святланы Конкінай і заспяшаўся туды.

Студэнтка Конкіна, як заўсёды някідка, нават ледзь не нядбайна апранутая ў белую кашулю і ў чорную спадніцу, сустрэла яго звыклай іранічнай усмешкай на пульхных вуснах. У руцэ яна трымала прыпаленую цыгарэту. Зялёныя вочы дзяўчыны нічога не выяўлялі: ні трывогі, ні заклапочанасці, ні якога ўзбуджэння перад іспытам.

Студэнт Ігнат Мазур запаліў і, свядома мінаючы залішнія падрабязнасці, параіў дзяўчыне здаваць іспыт толькі выкладчыку Мацкевічу.

— А мне Гавін падабаецца, — нібы насуперак яму сказала Святлана Конкіна і дадала з прыхаваным здзекам:

— Ён так глядзіць на мяне, бедны...

— Ён жорстка прымае. Ты можаш не вытрымаць іспыт. І чаго гэта ён на цябе глядзіць? Самазадаволены індык. Па-мойму і на галаве ў яго нешта накшталт завіўкі. Нават ты такую не зробіш.

— А я іспыту не баюся. Я і «Капітал» Маркса неяк пачытала.

Студэнт Ігнат Мазур раптам адчуў цьмянае раздражненне. «Лепш бы галаву лішні раз памыла, чым пачытваць таго Маркса», — падумаў ён, але, вядома, не сказаў услых: дзяўчына магла адразу і назаўсёды «сесці на крыўду», а ён гэтага не хацеў. Зусім наадварот. У яго зноў успыхнула нясцерпнае, неспадзяванае жаданне прыхінуцца да яе, удыхнуць пах яе вопраткі, цела, валасоў, гэтае жаданне цалкам ахапіла яго.

— Паслухай, Святлана, — сказаў ён, — можна я да цябе як-небудзь зайду?

— Зайдзі, — са сваёй незразумелай, іранічнай усмешкай паціснула тая плячыма.

Прыбег з чытальнай залы, якая была непадалёк, заклапочаны, узнерваваны Уладлен Анціпаў. Ён да апошняга сядзеў за падручнікам і цяпер выведваў у аднакурснікаў: як і што? Ля Ігната Мазура ў такі момант яму не было чаго рабіць — хіба выслухоўваць чарговыя кпіны, а вось выдатнікі маглі што і падказаць.

***

Увечары з Іосіфам Зялёнкам і Ванем Гужыным адзначалі здадзены іспыт. Абодва зноў паказалі яму залікоўкі з выдатнымі адзнакамі. Як даведаўся Ігнат Мазур, «выдатна» атрымала і Святлана Конкіна і яшчэ некалькі хлопцаў і дзяўчат. Большасць з іх здавалі палітэканомію выкладчыку Пятру Мацкевічу.

Пілі, як звычайна, таннае сухое віно. Зноў успомнілі добрым словам Мацкевіча і гаварылі пра яго, успаміналі, як сутыкнуліся з ім у Аляксандраўскім скверы, і як той спагадліва аднёсся да іх, нават зрабіў ласку — не пагрэбаваў імі, а проста, па-мужчынску выпіў разам. Гаварылі, што, калі верыць чуткам, ён выкладчыкам працуе нядаўна, і, напэўна, яму яшчэ не зусім давяраюць, інакш не запрасілі б на іспыт Гавіна з інстытута народнай гаспадаркі. Ну прачытаў раней ім Гавін некалькі лекцый, дык што з таго? Казалі яшчэ, што Пятро Мацкевіч трапіў да іх выкладаць выпадкова — неяк дэкан Парэцкі пазнаёміўся з ім на стадыёне «Дынама», іх месцы аказаліся побач, дык там яны і зблізіліся.

— Чуткі, плёткі — усё гэта неістотнае, — падвёў урэшце вынік Ігнат Мазур, — а вось мужык ён варты. За яго і вып’ем.

Праз нейкі час яго адшукала Юля Маракова. Дзяўчына была пакрыўджаная, але не паказвала гэта, спытала, ці не забыў ён, што абяцаў прыйсці да яе?

Студэнт Ігнат Мазур супакоіў дзяўчыну і запэўніў яе, што толькі збіраўся, але давялося крыху затрымацца з хлопцамі.

— А я на іспыце атрымала «добра», — пахвалілася Юля Маракова.

— У каго?

— У Г авіна.

— Ну, ты і трапіла да вампіра. Яшчэ пашанцавала. Гнілы дзядзька.

— Так, — хіхікнула Юля Маракова, — сапраўды самазадаволены індык.

— І Конкіна менавіта яму здавала? — быццам між іншым пацікавіўся Ігнат Мазур.

— Так. Атрымала «выдатна».

Абое стаялі ў інтэрнацкім калідоры ля акна і палілі. Са стадыёна насупраць грымеў духавы аркестр: рыхтаваліся да чарговага традыцыйнага параду вайскоўцы.

— Паслухай, Ігнат, — пачала Юля Маракова. — Маё «Крымскае» з пасылкі пачакае, бо сёння нам няма дзе прытуліцца, але ў мяне ёсць да цябе адна, магчыма, не зусім звычайная прапанова. Справа ў тым, што хутка апошні іспыт, а потым вакацыі, пасля практыка. Затым дзяржэкзамены, у нас курсы медсясцёр, а ў вас вайсковыя зборы.

— Што з таго, Юля?

— Паехалі на вакацыі да мяне. Да Сімферопаля на самалёце, а там ужо побач. Ты, бачу, здзіўлены?

Паўза.

— Вядома, здзіўлены. Дзякуй табе за ўсё, але...

— Што так? — перапыніла яго дзяўчына.

— Трэба дапамагчы маці, а па-другое — у мяне няма лішніх грошай. У якасці каго я прыеду?

— Ну вось твая беларускасць усплыла: як, чаму? Ды каб не назаляць... Мае старыя — гасцінныя: бацька — загадчык гандлёвага аддзела ў абырвалзе, а маці...

— Што за абырвалг?

— Ты ж у Булгакава памятаеш?

— А, — здагадаўся Ігнат Мазур. — Гэта ж Шарыкаў усё наадварот чытаў.

— А маці — выкладчыца мовы і літаратуры ў школе. Ты з ёй адразу паразумеешся. Прычым тут грошы? Урэшце, я адзін раз прапанавала, а другі — не буду.

Ён не стаў тлумачыць Юлі Мараковай, што ў маці даўняя хвароба, якая носіць назву гіпатырэёз, і што ёй штодня трэба прымаць лекі. Маці ж хоць і выйшла на пенсію, змушана працаваць, бо пенсія ў яе зусім малая: яе, жонку «ворага народа», некалі з літасці ўзялі на працу на адзін занядбаны заводзік, дзе і зарплаты па сутнасці не было. Так што вакацыі не для яго. Вядома, ён з задавальненнем пазагараў бы на марскім пляжы і ўсё такое, але... Ды і як бы ён паглядзеў у вочы яе бацькам, штодня аб’ядаючы іх і не маючы ў кішэні лішняга рубля?

— Не крыўдуй, Юля, — расчуліўся ад нечаканай шчырасці дзяўчыны Ігнат Мазур, — такі я ўжо чалавек і іншым пакуль быць не магу, а вакацыі кароткія. Пабачымся. Ёсць і іншыя праблемы, але потым, потым...

Ноччу ён доўга не мог заснуць. Успомніў, што так і не пайшоў да Ані Балтас, а між тым абяцаў і даўно варта. Прыгадалася яе старэйшая сястра — у яе словах таксама прысутнічала даволі рэальна жыццёвая жаночая мудрасць. Але жанчыне варта выбіраць сабе мужчыну ў спрыяльным узросце, каб нарадзіць здаровых дзяцей, і менавіта такога, які здольны забяспечыць сям’ю. Ужо два гады, як яны сустракаюцца з Аняй, праўда, апошнім часам зрэдку. За гэты час яна магла б, як і старэйшая сястра, знайсці сабе паспяховага мужчыну, мінчаніна, а не ехаць кудысьці ў свет па размеркаванні.

Вось і Юля Маракова свядома ці падсвядома шукае сабе спадарожніка па жыцці. І жыццё тое, як казаў ім раней выкладчык Мацкевіч, вельмі, нават нечакана — кароткае. Яму, Ігнату Мазуру, і яе шкада. Калі б ён быў якім забяспечаным мусульманінам, ён бы ўсіх траіх трымаў пры сабе. Хоць той жа заўзяты кавэзэншчык Ваня Гужын кажа: «Бабу пашкадуеш — сам бабай акажашся». Ды хто такі Гужын? А выбар, між іншым, ужо амаль зроблены. Калі з нядаўняй пары Света Конкіна побач з ім — ён ужо шчаслівы.

Раптам студэнт Ігнат Мазур чамусьці зноў успомніў мастацкую стужку, у якой галоўны герой пакутуе ад таго, што не ведае, каго выбараць з дзвюх жанчын, і ягонае пачуццё кахання да іх абедзвюх настолькі моцнае, што ён псіхалагічна не вытрымлівае і даходзіць да суіцыду...

Толькі пад раніцу, калі ўжо світала, студэнт Ігнат Мазур раптоўна заснуў.

***

Ішоў час. Жаданне пабачыць Святлану Конкіну, якое нібы выбухнула ў ім апошнімі днямі, было настолькі моцным, што студэнт Ігнат Мазур штодня ледзь стрымліваў сябе. Але інтуітыўна ён адчуваў: варта вытрымаць нейкі адрэзак часу, каб усё адбылося па тым сцэнарыі, які прыме дзяўчына. Апынуцца побач занадта рана ці занадта позна — і яна можа страціць да яго ўсялякі інтарэс, а падсвядомасць цьмяна гаварыла яму пра тое, што гэта так і ёсць. Як і ён, яна зрэдку з’яўлялася на лекцыях, але яму хацелася большага — застацца з ёй сам-насам.

Якраз дапамог выпадак. На прыпынку ля інтэрната ён убачыў дзвюх дзяўчат з таго пакоя, у якім жыла Святлана Конкіна. У руках яны трымалі сумкі. Дзяўчаты — зямлячкі з аднаго раёна — былі ўжо яму знаёмыя. Ён мімаходзь спытаў, куды яны сабраліся. «Дадому, адпусцілі ў дэканаце на суткі», — адказалі першакурсніцы. «Пэўна, да бацькоў па прадукты і па грошы, — з сарказмам вырашыў ён. — Грошы, мабыць, на дураплясаў пайшлі. Вядомая справа».

— А Святлана сышла куды ці сядзіць у пакоі? — быццам абыякава спытаў іх студэнт Ігнат Мазур.

— Так. Нешта чытае, — адказалі дзяўчаты.

Было даволі цёпла. Клёны даўно пакрыліся лісцем. Крама месцілася побач. Ігнат Мазур купіў там бутэльку «Тракіі», плітку шакаладу і ў бабулі, калі праходзіў скверык, букецік палявых кветак. «Поўны джэнтльменскі набор», — іранізаваў ён.

Яму б не хацелася, каб цяпер хто са знаёмых студэнтаў, сустрэў яго, асабліва Юля Маракова. «І ўвогуле, — думаў ён, — тое, што раблю, не зусім правільна». Але тут жа пачаў шукаць сабе апраўданне і знайшоў яго: не можа супрацьстаяць сваім пачуццям, і як будзе далей — няхай так і будзе...

Зайшоўшы ў інтэрнат, падняўся паверхам вышэй, на якім быў пакой, дзе жыла Конкіна, і некалькі разоў пастукаў у дзверы. Неўзабаве ключ у замку шчоўкнуў і дзверы расчыніліся. Студэнтка Святлана Конкіна моўчкі глядзела на яго, блізарука прыжмурыўшыся.

1 ... 3 4 5 6 7 8 9 10 11 ... 17
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно скачать Паўночны вецер для спелых пладоў - Юры Станкевіч торрент бесплатно.
Комментарии
КОММЕНТАРИИ 👉
Комментарии
Татьяна
Татьяна 21.11.2024 - 19:18
Одним словом, Марк Твен!
Без носенко Сергей Михайлович
Без носенко Сергей Михайлович 25.10.2024 - 16:41
Я помню брата моего деда- Без носенко Григория Корнеевича, дядьку Фёдора т тётю Фаню. И много слышал от деда про Загранное, Танцы, Савгу...