Летнія прыгоды ў сучасным духу - Алесь Жук
- Категория: Разная литература / Прочее
- Название: Летнія прыгоды ў сучасным духу
- Автор: Алесь Жук
- Возрастные ограничения: (18+) Внимание! Аудиокнига может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних просмотр данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕН! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту для удаления материала.
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
ЛЕТНІЯ ПРЫГОДЫ Ў СУЧАСНЫМ ДУХУ
Апавяданне
Анюта прачнулася ад сонечнага промня, які лёг на вочы, прытушаны жоўтай штапельнай фіранкай. Здалося, што нехта ходзіць пад вокнамі, а яна спіць раскрыўшыся. Баковачку, у якой спала Анюта, адгарадзілі некалі маці. Яна хварэла, у яе моцна і часта балела галава. Бацька сам з негабляваных дошак зрабіў перагародку. Анюта тады доўга прасіла ў яго грошай на шпалеры—абклеіць з сярэдзіны, каб не глядзець маці на голыя дошкі. Цяпер, калі прыязджае дадому, Анюта жыве ў гэтай баковачцы. Бацька не раскідаў перагародку: у яго спыняюцца на кватэру выкладчыкі ці кіраўнікі, калі прыязджаюць на работу ў калгас студэнты ці рабочыя. Анюце гэтая баковачка — адзіны дарагі куток у роднай хаце, куды яна не любіла прыязджаць і не прыехала б і сёлета, каб не прыхварэла не ў пару — калі сама раз’язджаліся студэнцкія атрады. Тры апошнія леты яна ездзіла з будаўнічымі атрадамі, а таму грошай мела і на адзежу, і на тое, каб жыць пристойна. Анюта пацягнулася, прыслухалася, як тупала басанож на кухні цётка. Незамужняя, яна дажывала свой век пры маладзейшым браце.
Спяшаць не было куды, наперадзе доўгі i вольны дзень. Цяпер тыя, хто прыязджае летам дадому, на работу ў калгас не бегае. Ды i сам бацька i цётка пасля таго, як атрымалі пенсію, на калгасную работу не ходзяць.
Анюта памкнулася ўстаць, але пачула, як у хату ўвайшоў бацька.
— Сядзь мо, блінец памаж, — паклікала цётка.
— Чорцяга, i так забавіўся... Ты прайдзі, збі на пустках палын, каб было дзе траву раскідаць, як прывязу.
— Хто яе ў тым балотцы схопіць?
— Ніхто не схопіць, але людзям вока рэзаць будзе. Чужое дабро век вочы коле, — бацька гаварыў глушэй, мабыць, сеў есці. Пастаронняму чалавеку здалося б, што старыя сварацца, але Анюта ведала, што гэта звычайная размова.
— Вот Анюту бяры на работу, а то цэлы дзень вылежваецца і толькі кніжкі чытае, як малая...
— У яе галава на плячах. Інсцітут канчае...
— На гэта інсцітута не трэба... Кожны вечар усё некуды выбіраецца.
Цётка яшчэ нешта злосна бубніла i пасля таго, як бацька пайшоў з хаты. Анюта пасміхалася з гэтых цётчыных мерак. Яна сучасная маладая жанчына i разбярэцца сама. Адно праўда было ў цётчыных словах — бунтуецца, не дае спакою кроў.
На дварэ было ўжо душнавата, толькі ў садзе спадыспаду травы шкляніста паблісквалі зярняткі расы i ад самога саду павявала яшчэ вільгаццю 1 халадком. I ціха было. Пачьшалася летняя жнівеньская спякота, калі ў вёсцы нікога не відно i не чутно, нават куры лянуюцца паквохтваць i шыюцца ў цень, пад зараснік бэзу, угрэбаюцца ў сухую, як попел, зямлю i сядзяць з адкрытымі дзюбамі.
Вада ў рукамыйніку яшчэ не нагрэлася, прыемна халадзіла твар.
Цётка выйшла з-за хлява з касою на плячы. Яна была ў старой Анюцінай, некалі карычневай, а цяпер вылінялай да белага на плячах, сукенцы з кароткімі рукавамі, якая вісела на ёй, як на калу. I твар, i парэпаныя вялікія рукі былі аж чорныя ад загару.
— Ты, Анюта, сама паснедай, прыбяры ў хаце троха... Цэлы месяц нічога не робіш, і есці табе ніхто не шкадуе, а ніяк не папаўнела. Няўжо гэта вучоба гэтак усушвае чалавека?
Анюта ўсміхнулася—няхай сабе будзе i так, як думае старая.
— А я пайду палын саб’ю, пакуль ён травы прывязе...
Анюта ў купальніку, з махровым ручніком на плячах глядзела ўслед цётцы, якая неяк бокам, у старых брызентавых тапачках ішла з двара. Анюта паспрабавала ўявіць сябе такою, міжволі сцепанула плячыма. Не верылася, што i яна вось так магла пражыць жыццё і нічога болей не ведаць — толькі работу.
Работа дачасна даканала і маці, а бацька i цётка ўсё ідуць тым жа сваім бясконцым кругам. I ёй пасаг збіраюць. Анюта горка ўсміхнулася.
Свой шлях у жыцці яна ўжо вызначыла: як толькі Віктар абароніць кандыдацкую, яны жэняцца. На першым часе будуць мець пакойчык у сямейным інтэрнаце, а потым... Потым усё пойдзе i далей нармальна—Анюта ў сабе не сумнявалася, у сваіх магчымасцях — таксама. Вяселле яна запланавала на восень, каб потым спакойна пісаць дыпломную, рыхтавацца да абароны.
Паўдня Анюта чытала i загарала, потым узялася і памыла ўсе фіранкі, якія толькі былі ў хаце. Пад вечар адзелася просценька: у шэрыя з прастрочанымі канцікамі штаны, белую кофтачку з кароткім рукавом.
Ціха і спакойна клалася ноч. Было чутно, як ля клуба скончылася пласцінка і хлапечы голас крыкнуў: «Хто там, давай! Заснуў, ці што?» Анюта не магла ісці туды, дзе збіраліся большасцю школьнікі, танцавалі і ціскалі дзяўчатак, якія ахвотна папісквалі. Кампаніі ёй там ужо не было I жадання да такіх танцаў—таксама.
Анюта завярнула ў канец вёскі. За апошняю хатаю прыпынілася. Ад сажалкі цягнула цеплаватаю вільгаццю, пахам угрэтае вады, а з поля цякло моцнае, як з напаленае печы, цяпло збажыны. Мяккі пыл казытаў у пальцы.
3 палёгкаю ўздыхнула, калі ўбачыла на палявой дарозе матацыкл. Віктар чакаў яе. 3 ім Анюта пазнаёмілася ўчора, калі вярталася са Слуцка, — Віктар падвёз яе з напакаванай сумкай ад аўтобуснага прыпынку да хаты. Віктар у калгасе «забяспечваў» работу шабашнікаў, якія будавалі цялятнік. Сам ён ужо два гады як скончыў вучобу, працуе інжынерам у канструктарскім бюро. ПІабашвічаць пачаў яшчэ з першага курса, а цяпер сам арганізатар «шабашкі». У яго жонка, сын, пабудаваў кааператыўную кватэру. Зарабляе грошы на машыну. Да горада сорак кіламетраў, на матацыкле заехаць не праблема. Матацыкл на час работы выпрасіў у калгасе — каб у час даставаць матэрыялы. Цялятнік калгасу пазарэз патрэбен да восені.
Віктар павітаўся, пажартаваў:
— А я думаў, ты ўжо на танцы завярнула.
— Давай разам.
— Можна, калі табе хочацца.
— Не. Там ужо не мая кампанія.
— I тым болей не мая, — Віктар па-свойску ўсміхнуўся.
— Давай я лепш правязу цябе на матацыкле, — прапанавала Анюта.
— Умееш?
— Паглядзіш.
Яна страсянула адной нагой, потым другой — вытрасла пыл з басаножак, узялася за руль, села, пару разоў газанула, быццам прывыкала да матора, страсянула галавой:
— Садзіся!
Матацыкл асеў пад Віктарам. Ён памкнуўся абняць яе. Анюта коратка азірнулася цераз плячо:
— Ну!
Віктар прывяў рукі. Яна з месца ўзяла рыўком, унацяжку пераключылася з хуткасці на хуткасць. Пакуль набірала разгон, разоў колькі абмацала тармазны рычаг, каб прывучыць да яго нагу. Адчула, што матор набраў магутнасць. Колы пухка разбівалі дарожны пыл, падкручвалі пад сябе белую стужку палявой дарогі. Анюта з усмешкаю думала пра тое, што Віктару, як і кожнаму, хто прывык ездзіць за рулём, няўтульна ехаць ззаду, памкнулася азірнуцца, пачула, што Віктар нешта крыкнуў, i адчула, як ірванула з рук руль, лёгка кінула наперад. Яна не магла яшчэ зразумець, што адбылося, адчувала пясок у роце, у носе, пыл на твары.
Яна ўбачыла, як Віктар, накульгваючы, падбег да яе, правёў рукамі па плячах, па руках, па спіне.
— Ну як? —толькі i здагадалася спытаць Анюта.
— Лепш не бывае. Газанула! —ён выплюнуў пясок, выцер губы, з палёгкай уздыхнуў і засмяяўся. Тады засмяялася i яна, спачатку нервова, а потым, як убачыла, як Віктар матляе галавой, каб вытрасці з валасоў пясок, смяялася шчыра, да знямогі.
— А ты i рот разявіў!
Віктар падаў Анюце руку, дапамог устаць, падняў, завёў матацыкл. Анюта села на задняе сядзенне.
— Памыцца трэба было б...
— Паехалі купацца, — прапанавала Анюта.
— Давай.
Віктар праехаў па дарозе, потым скіраваў на палявую мяжу, з аднаго боку якое цягнулася ячменнае поле, а з другога — бульбянае. Калі скончыўся бульбоўнік, матацыкл пабег па аселіцы. Віктар ехаў па адной з тых сцяжынак, якія застаюцца на паплавах ад каровіных ног. Па гэтай сцежцы яны нырнулі ў вузкую белую палоску туману. Віктар прыбавіў газу, і матацыкл выскачыў на вышэйшае, зноў павеяла душнаватай летняю цеплынёй. Неўзабаве матацыкл спыніўся на невысокім пясчаным беразе ля рачной завоінкі.
У начным небе недзе высока жыло яшчэ святло, і пад ім роўна і спакойна паблісквала вада, а на тым беразе, дзе пачынаўся сенакос, ціха стаялі лазовыя купчастыя кусты. Адтуль абзываўся адзінокі паплаўнічы драч, здалёк па вадзе даносілася ціхае качынае пакракванне. Засцілаўся туманам луг за лазовымі кустамі ўдалечыні, роўна цякла вада, вечна і загадкава стаяла над зямлёй начная светласць і цішыня, якая поўніць душу неразгаданаю прыгажосцю, па якой вечна смуткуе жывая чалавечая душа.
Анюта раздзелася хутка, азірнулася на Віктара:
— А ты чаго стаіш? Перадумаў?
Знарок спытала моцна, каб парушыць цішыню, ведала, што ён любуецца ёй, паволі пайшла ў ваду, памацала яе нагой. У ваду ўвайшла ціха, прыемна адчувала пад нагамі хрумсткі мылец на дне. Паволі легла на ваду i нячутна паплыла.
Чула, як шумна плюхнуў у ваду Віктар, дагнаў яе, пафыркваў, пырскаўся вадой. Далей паплылі разам. Ён на баку, гледзячы на Анюту, яна роўна, быццам нікога i побач няма.